Літаратурны Гродна

24 кастрычніка вучні 9 класа нашай школы наведалі пасяджэнне грамадскага дыскусійнага клуба "Словадром" - эксклюзіўнага праекта гродзенскага філіяла ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", на якім збіраецца інтэлектуальная і творчая эліта Гродна рознага ўзросту.

Яго тэма "Мае ілюзіі" аказалася вельмі актуальнай не толькі для маладога пакалення, а таксама і для людзей старэйшага ўзросту. Тэма цікавая, таму ўцягнула ў дыскусію амаль усіх, хто сядзеў за вялізным круглым сталом у аўдыторыі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага. У прэамбуле дыскусіі выступіў паэт і сакратар Гродзенскага аддзялення СПБ Дзмітрый Радзівончык. Удзельнікі дыспуту падзяліліся на 2 лагеры. Адны адстойвалі думку, што звычайнаму абывацелю неабходна як мага раней пазбаўляцца "ружовых акуляраў" - ілюзій - і жыць рэальным жыццём, стаць прагматыкам, які цвяроза глядзіць на людзей і свет. Гэтай думкі прытрымліваліся прадстаўнікі старэйшага пакалення. Валерыя Жук разам са сваімі аднакласнікамі і настаўнікам Урублеўскай Э.У. адстойвалі думку аб неабходнасці ілюзій у нашым жыцці. Яны даюць магчымасць рухацца далей, дасягаць недасягальнага і ў той жа час служаць таблеткай ад навакольнай пошасці, бруду і неўладкаванасці. "Кожны чалавек павінен пражыць сваё жыццё , прайсці праз крушэнне ілюзій і набыць уласны вопыт. Таму не варта пазбаўляць ні маладое, ні старэйшае пакаленне ілюзій", - тлумачыла былы выкладчык псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, ветэран працы Багаслоўская Валянціна Сцяпанаўна.Старшыня Гродзенскага аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Людміла Антонаўна Кебіч сцвярджала думку аб тым, што сапраўдны літаратар не можа абыходзіцца без ілюзій, бо ў іх ён чэрпае сюжэты для сваіх твораў, на іх заснавана сама мастацкая літаратура. Хочацца верыць, што кожны з удзельнікаў дыскусіі атрымаў адказ на пытанні "Як адносіцца да ілюзій?", "Ці варта пазбягаць іх?".

 


Дружа-чытач! Прапануем тваёй увазе наш юбілейны выпуск альманаха. Так, нашай школьнай літаратурнай суполцы “Альшанскі перазвон” ужо 5 гадоў. Сімвалічна і тое, што чарговы зборнік пабачыў свет у год знамянальнай для ўсіх гродзенцаў даты – 895-годдзя з дня першай згадкі пра Гродна ў Іпацьеўскім летапісе. Таму тут ты знойдзеш шчырыя, палымяныя радкі і малюнкі, прысвечаныя роднаму гораду, нашай любай Беларусі і самым блізкім і родным людзям.

У альманах увайшлі лепшыя вершы названай тэматыкі з папярэдніх выпускаў, а таксама новыя творы. Няхай кніжка, якую ты зараз трымаеш у руках, стане нашым сціплым падарункам гораду і яго руплівым і слаўным жыхарам.

Ад шчырага сэрца, твае перазвонаўцы!

 

 

 


НОВЫ СЕЗОН У “ЛІТАРАТУРНЫМ АТЭЛЬЕ”

12 кастрычніка 2023 года аднавіла сваю працу створаная Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі Гродзенская грамадская літаратурная школа. Занятак на тэму «Мастацкія дэталі. Дыялог» прыцягнуў увагу захопленых літаратурнай творчасцю людзей рознага ўзросту.

Да аматараў літаратуры, прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гродзенскага гарадскога літаб'яднання «Надзея» далучылася і дэлегацыя школьнага літаратурнага аб'яднання «Альшанскі перазвон» з СШ № 39 г. Гродна на чале з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Эмай Уладзіміраўнай Урублеўскай. У кастрычніцкім занятку прыняла ўдзел старшыня ГрАА СПБ Людміла Антонаўна Кебіч.

Напэўна ў нашы дні цяжка сустрэць чалавека, якому было б незнаѐмым паняцце «дыялог» і яго сэнс. Ні ў кога не застаецца сумненняў у значнай сацыяльнай каштоўнасці дыялогу, які не толькі ляжыць у аснове сапраўднага мастацтва, але і шмат у чым вызначае лѐс усѐй чалавечай цывілізацыі. Пра гэта гаварылася ў рамках тэарэтычнага блоку занятку. Падчас практычнай часткі “вучні” літаратурнай школы стваралі свой дыялог або прадставілі ўвазе дамашнія нарыхтоўкі. Яшчэ да станоўчых момантаў можна аднесці вельмі цѐплую сяброўскую атмасферу на занятку. Некаторыя дыялогі выраслі (або могуць вырасці) у гатовыя творы.

У цэлым адкрыццё новага сезону “літаратурнага атэлье” атрымалася ўдалым і карысным, асабліва нашым перазвонаўцам Жук Валерыі, Місік Дзіяне, Неўмывака Валерыі, Рамановічу Андрэю, Коцькіну Аляксандру, Кулаку Арцёму, Кудратаву Мікіту, Рогавай Дар’і.


У удзельнікаў школьнай літаратурнай суполкі “Альшанскі перазвон” добрая навіна: пабачыў свет чарговы, чацвёрты, выпуск альманаха “Альшанскі перазвон - 2022”. Адметны ён тым, што чытач атрымае больш звестак пра аўтараў твораў: даведаецца пра імя настаўніка, які суправаджаў юнага літаратара, пра паспяховы ўдзел некаторых перазвонаўцаў у творчых конкурсах рознага ўзроўню. Але гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы. Упершыню ў альманаху з’явіліся паэтычныя і празаічныя творы на рускай мове. Спадзяёмся, што гэта стане добрай традыцыяй. Ну і вішанька на торце... У альманаху змешчаны лепшыя паэтычныя пераклады выпускніцы нашай школы 2021 года, удзельніцы літаратурнай суполкі “Альшанскі перазвон”, дыпламанта міжнароднага конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы” Статкевіч Нікі.

Няхай дзіцячыя творы і малюнкі  пакінуць у вашай душы хоць трошкі цяпла і асалоды, выклікаюць мілую ўсмешку і добрыя пачуцці. Дзякуем за дапамогу ў аздабленні зборніка настаўнікам Юркевіч В.В. і Рагожкіну М.С.

                                                              Ад шчырага сэрца, вашы перазвонаўцы


поделиться в:

Интернет-ресурсы: