Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

23.02.2024

Сустрэча з паэткай, дачкой ветэрана Вялікай Айчыннай вайны,
дзіцём вайны Козел Валянцінай Міхайлаўнай

23 лютага ў чытальнай зале школьнай бібліятэкі адбылася сустрэча вучняў 7-8 класаў з цікавым чалавекам, які даўно размяняў дзявяты дзясятак, лёс якога зведаў як яркія і запамінальныя, так і трагічныя старонкі гісторыі нашай краіны. Гэта паэтка з аграгарадка Верцялішкі Козел Валянціна Міхайлаўна.
Пачала яна сваю сустрэчу з верша-віншавання хлопчыкаў з Днём абаронцы Айчыны і перайшла да самай актуальнай тэмы сучаснага грамадства – зберажэння міру. Падчас сцэнарыя, падрыхтаванага ўдзельнікамі школьнай літаратурнай суполкі “Альшанскі перазвон”, вучні дэкламавалі вершы паэткі, даведаліся пра тое, што Валянціна Міхайлаўна нястомна працягвае сваю высакародную справу: прыкладам свайго жыцця выхоўвае маладое пакаленне, апявае ў вершах свой родны кут, сям’ю, родную школу, вёску Верцялішкі, заслужаных землякоў, нашу Белую Русь.
Далей яе гаворка пайшла пра ўспаміны дзяцінства, якое прыйшлося акурат на гады Вялікай Айчыннай вайны. Вучні, затаіўшы дыханне, слухалі пра цяжкія выпрабаванні, якія прыйшлося пержыць сям’і на працягу чатырох гадоў нямецка-фашысцкай акупацыі. Уразілі і ўспаміны пра бацьку паэткі, які гнаў фашыста на Захад, браў Берлін і яшчэ тры месяцы вызваляў Заходнюю Еўропу ад рэштак карычневай чумы пасля Перамогі 9 Мая.
Удзельнікі сустрэчы змаглі параўнаць сваю вучобу з умовамі навучання сваіх равеснікаў у пасляваенныя гады. Аповед Валянціны Міхайлаўны увесь час суправаджаўся зачытваннем ўрыўкаў з вершаваных мемуараў, якія яна піша для сваіх нашчадкаў, каб памяталі і цанілі тое, што змагло зберагчы і стварыць для іх старэйшае пакаленне.
Закончыла сваю сустрэчу паэтка вершам “Пажаданне нашчадкам”, каб бераглі мір, родную мову, любілі сваю Радзіму – Беларусь. Пасля агульнага фота дзеці акружылі Валянціну Міхайлаўну і яшчэ доўга не адпускалі, дзякуючы за цікавы аповед і запрашаючы прыехаць яшчэ раз.

поделиться в: