Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

22.02.2024

Майстар-клас “УВАГА: паэзія!”

ад гродзенскага паэта Дзмітрыя Радзівончыка

20 лютага ў кабінеце-музеі “Літаратурны Гродна” адбылася сустрэча старшакласнікаў з паэтам, намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрыем Радзівончыкам. Дзмітрый Мікалаевіч – даўні сябра нашай школы і асабліва ўдзельнікаў школьнай літаратурнай супольнасці “Альшанскі перазвон”. Ён неаднаразова наведваўся на прэзентацыі альманахаў перазвонаўцаў, прымаў ўдзел у адкрыцці кабінета-музея. У сваю чаргу юныя аматары мастацкага слова – частыя ўдзельнікі грамадскага дыскусійнага клуба “Словадром” і слухачы літаратурнай школы пры Гродзенскім аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. А на гэты раз паважаны госць завітаў з майстар-класам “УВАГА: паэзія!”. Паэт раскрыў некалькі сакрэтаў свайго літаратурнага майстэрства, звярнуў увагу на частыя хібы маладых аматараў высокага пісьменства. Але размова, вядома, выйшла далёка за рамкі тэорыі паэзіі і закранула самыя актуальныя праблемы сучаснага грамадства. Галоўным пафасам бяседы была думка аб велізарнай ролі творчасці ў аб’яднанні народаў пад сцягам міру і стварэння, усталяванні цесных узаемасувязей прадстаўнікоў розных культур. І маладое пакаленне ў гэтым павінна падхапіць эстафету сталых творцаў і весці рэй далей. Хочацца верыць, што так яно і будзе, бо цудоўнае хітрапляценне беларускага і рускага слова Дзмітрыя Радзівончыка ў час размовы кранула сэрца кожнага, хто прысутнічаў на майстар-класе.

 

поделиться в: